Вучымся вучыцца
Ці ведаеце вы якім чынам вучыцца правільна? Праўду кажучы, большасць людзей не мае адказу на гэтае пытанне. Шмат хто думае, што дастаткова проста разок-другі прачытаць матэрыял і ўсё будзе окей. Насамрэч гэта не зусім так, а дакладней кажучы, гэта зусім не так.
Каб у гэтым запэўніцца дастаткова толькі закрыць старонку з тэкстам, які, як вам падаецца, вы “ведаеце” і паспрабаваць альбо пераказаць яго вусна, альбо выкласці яго на паперы.
Гэта адразу пакажа, ці сапраўды вы нешта вынеслі з тэксту, альбо вам толькі так падалося. І гэта таксама найлепшы спосаб засваення значнай колькасці фактаў — і падабаецца вам гэта ці не, гэта менавіта тое, чаму вам трэба навучыцца.
Аднак запамінанне фактаў гэта толькі першы крок. Калі вы ніколі не перачытваеце і не паўтараеце іх ізноў, вы вельмі хутка на іх забудзецеся. Адзіны шлях трывала замацаваць іх у сваёй галаве — паўтараць яшчэ да таго як яны пачнуць забывацца. Вам неабходна паўтарэнне таго, што вы вывучылі.
Ужо на наступны дзень вашы веды пачнуць пакрысе губляцца — але, калі вы вывучалі матэрыял старанна, вы яшчэ будзеце памятаць яго. Гэта найлепшы час каб зноўку выкласці тэму на паперы альбо пераказаць уголас. Такім чынам вы замацуеце свае веды, і ваша памяць будзе захоўваць іх больш працяглы час.
Сакрэт у тым, каб паўтараць матэрыял раньш, чым вы пачнеце штосьці забываць. Найлепш паўтараць на наступны дзень. Два дні апасля гэтага больш карысны час для новага паўтарэння, чым наступны тыдзень, наступны месяц ці наступнае паўгоддзе. Усё залежыць ад вас і ад таго наколькі добра вы засвоілі тэму ў першы раз.
Калі падчас паўтарэння вы здолееце ўспомніць усё, спіце спакойна — вы будзеце памятаць матэрыял яшчэ доўга. У іншым выпадку вы мусіце вярнуцца туды, адкуль вы пачыналі і вывучыўшы страчаную частку тэмы, пачаць працэс паўтарэння занава. Па меры практыкавання вы знойдзеце перыядычнасць паўтарэння матэрыялу найлепшую асабіста для вас.
Вы можаце парупіцца зараз і вывучыць урок як мае быць — альбо ўзяцца за яго пазней, калі будзе ўжо занадта позна. Выбар застаецца за вамі.